Кожны дзень у пунктах пропуску на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам працягваюцца праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні. Стала вядома, што ў ноч на 2 снежня памежнікі знялі з цягніка беларуску з маленькім дзіцем, якія ехалі з Калінінграда ў бок Мінска. У тэлефоне жанчыны знайшлі «экстрэмісцкую групу». Журналісты BG. Media вывучылі, што на мінулым тыдні і ў пачатку гэтага пісалі карыстальнікі памежных тэлеграм-чатаў пра праверкі тэлефонаў і допыты на беларускай мяжы (арфаграфія і пунктуацыя паведамленняў выпраўленыя з захаваннем сэнсу, а некаторыя з іх скарочаныя).
Беларусаў, якія доўга не былі дома, адводзяць на допыты
У апошнія месяцы ў памежных чатах рэдка пішуць пра допыты беларусаў, якія даўно не былі ў краіне. Людзі спрачаліся, колькі трэба прабыць за мяжой, каб цябе паклікалі на «гутарку». Але на мінулым тыдні адзін такі выпадак зафіксавалі:
«РП — РБ, 5 снежня. У 23.00 заехалі на мяжу РБ. Усе рэчы праз рэнтген, праход праз рамку кожнага. Чатыры ўкраінцы, тры чалавекі даўно не былі ў РБ — допыты. У аднаго ўжываны плэйстэйншн (ці не ўжываны, але доўга запаўнялі паперы і лічылі. У 01.10 выехалі ў РБ».
«Гутараць» на мяжы не толькі з беларусамі, але звычайна менавіта пра допыты беларусаў у чатах пішуць амаль без падрабязнасцяў:
- «Варшава — Беласток — Мінск, 1 снежня. У 05.00 прыехалі на мяжу Польшчы, чаргі няма, мы адзіныя. У 05.45 з’язджаем з польскай мяжы. У 05.50 прыязджаем на беларускую. Доўгі пашпартны кантроль, гутаркі, усе рэчы праз сканар. У 08.30 выязджаем з мяжы РБ».
- «Варшава — Мінск, 2 снежня. У 02.35 першыя перад польскім шлагбаўмам. У 04.15 выехалі на мост. У 04.20 заехалі на беларускі бок. У 06.20 выехалі з беларускай мяжы. Доўга чакалі людзей з допыту».
- «Варшава — Гродна, 3 снежня. У 01.10 заехалі на мяжу РБ, гутарка, рэчы праз сканар. У аднаго чалавека зрабілі пільнейшы дагляд, чакалі яго. У 02.00 выехалі за межы пункта пропуску».
- «РП — РБ, 3 снежня. У 05.45 заехалі да беларусаў. У 07.10 прайшлі кантроль з гутаркай, дбайным аглядам сумак. Частка рэчаў на рэнтген у залу, аўто на рэнтген. У 07.20 выехалі з мяжы».
- «РП — РБ, 6 снежня. У 03.05 пачалі праходзіць палякаў. У 04.40 выехалі ад палякаў на мост. У 05.00 праехалі да duty free. У 06.00 прайшлі, чакаем яшчэ людзей з гутарак. У 07.00 выязджаем з мяжы».
- «Каля чатырох гадзін РП — РБ 6 снежня. Дзве гадзіны чакалі людзей з гутарак».
- «РП — РБ, аўтобус, 6 снежня. У 00.30 прайшлі польскі кантроль. У 01.50 заехалі ў беларускі двор. У 03.40 прайшлі кантроль. У 06.00 выезд з мяжы. Зламаны рэнтген і допыты».
Як на мяжы правяраюць замежнікаў
У памежных чатах перыядычна спрачаюцца, ці дапытваюць на мяжы Беларусі грамадзян Еўрасаюза. Нехта расказвае, што ехаў з сям’ёй немцаў, з якімі не «гутарылі». А хтосьці расказвае пра мужа-паляка: «У мяне муж — паляк, яго дапытвалі. Навошта і куды, кім працуе, ці ёсць сувязі з СБУ і т.д.».
У асноўным у памежных чатах згадваюць допыты грамадзян Украіны. Звычайна іх дапытваюць на ўездзе ў краіну. Але бывае, што і на выездзе. Адзін прыклад:
«4 снежня ў 12.34 выезд з Мінска ў аэрапорт Вільнюса. У 14.59 прайшлі пашпартны РБ, перада мной пяць грамадзян Украіны. Пасля размовы іх адпусцілі вельмі хутка. Мяне спыталі пра мэту выезду. На адказ „еду святкаваць дзень нараджэння“ сур’ёзны пашпартны афіцэр прамяніста ўсміхнулася».
Некаторыя карыстальнікі памежных чатаў спачуваюць украінцам, якіх адводзяць на допыты. І адзначаюць, што самі пакутуюць праз гэта, бо вымушаныя чакаць, пакуль усе вернуцца з «гутарак». А яшчэ заклікаюць неяк паскорыць гэтую працэдуру:
«Калі ўжо адчэпяцца ад гэтых украінцаў бедных… Праз гэта ўсе астатнія пасажыры пакутуюць таксама, куды можна напісаць, каб неяк гэты працэс аптымізавалі? Не раз ужо назіраў карціну: украінцы першыя праходзяць пашпартны кантроль, памежнікі чакаюць, пакуль увесь аўтобус скончыць праходзіць пашпарт, і толькі потым вядуць украінцаў на гутарку на другі паверх (таксама так сабе працэс). У выніку, пакуль пашпарт праходзіць увесь аўтобус, украінцы б ужо прайшлі сваё сумоўе, і ўсе б паехалі шчаслівыя».
А вось прыклады допытаў украінцаў. Прычым некаторых не пусцілі ў Беларусь:
- «Аўтобус Гомель — Рыга, 8 снежня. У 01.39 скончылі пашпартны кантроль РБ. У 03.00 скончылі пашпартны кантроль Літвы і выехалі ў бок Рыгі. Высадзілі на вакзале жанчыну з дачкой. Іх падсадзілі да нас у аўтобус на беларускай мяжы, мабыць, не прапусцілі ў РБ. Украінцы ці малдаване? Так і не зразумела. Прычыны таксама не ведаю».
- «Гданьск — Мінск, 1 снежня. У 21.41 прайшлі палякаў і выехалі ў РБ. У 00.20 прайшлі ўсе праверкі, дачакаліся ўкраінцаў і выязджаем у РБ».
- «РП — РБ, 5 снежня. У 19.51 заехалі да беларусаў. У 20.05 пачалі праходзіць мяжу РБ. Палова аўтобуса — украінцы, усіх на гутарку, адну жанчыну знялі з аўтобуса. Аўтобус на сканар не адпраўлялі. У 22.28 выехалі з мяжы РБ».
- «РП — РБ, 7 снежня. У 09.25 пашпартны кантроль РП. У 09.50 пашпартны кантроль РБ. У 10.10 мытня (ручны дагляд і сканар). Чакаем пасажыраў, грамадзян Украіны. У 13.15 выехалі ў РБ».
- «РП — РБ, 8 снежня. У 01.35 прайшлі палякаў. У 02.40 пачаўся пашпартны ў РБ. У 04.20 выехалі ў РБ (чакалі ўкраінцаў). Беларусы адправілі на рэнтген».
- «РП — РБ, 8 снежня. Заезд на мяжу РП у 01.50. Выезд з мяжы ў Брэст у 04.10. Было некалькі гутарак з пасажырамі з украінскімі пашпартамі з нашага аўтобуса».




