Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Чаму кіраўнік МЗС нечакана загаварыў пра здароўе Лукашэнкі? Меркаванне
  2. Адзін з мабільных аператараў увёў змяненні — яны выклікалі пытанні ў карыстальнікаў. Што здарылася
  3. Беларусь і Украіна паспрачаліся пра Чарнобыль на паседжанні Генасамблеі ААН. Чыю рэзалюцыю ў выніку прынялі
  4. Нязломны. «Люстэрка» выбрала чалавека года — ім стаў Мікалай Статкевіч
  5. Максімальны тэрмін. Суд вынес прысуд па справе пра смяротнае ДТЗ пад Мінскам, у якім загінула сям'я з Расіі
  6. Лукашэнка сустрэўся ў Мінску са спецпасланнікам Трампа Коўлам. Пасля мінулай сустрэчы вызвалілі групу палітвязняў
  7. Кремль фактически отклонил 7 из 28 пунктов предложенного США мирного плана: что не устраивает Россию и чего она хочет
  8. В разгар российской оккупации он уехал в Москву служить царям, а власти Беларуси хотят сделать его «национальным героем». Рассказываем
  9. Лишь один из двух беларусов, ставших ворами в законе еще в СССР, жив до сих пор. Рассказываем его историю
  10. Директора крупных заводов получили взбучку от Минпрома за провал показателей. У «Зеркала» оказались непубличные документы — рассказываем
  11. Следователи изучают факты «лакшери-жизни» пары блогеров из Гродно. Одного из них отправили в СИЗО
  12. У 2013-м суровы турыст з Беларусі прачнуўся знакамітым. Даведаліся, як ён жыве цяпер
  13. «Хутка ў лядоўню палезуць: купіў 10 сасісак — 3 аддай». Па падарунках не ад родных хочуць увесці змяненні — што пра гэта думаюць людзі
  14. Эйсмант расказала, куды знікае ў серады Лукашэнка
Читать по-русски


/

Кожны снежань супрацоўнікі «Люстэрка» выбіраюць людзей года: так было ў 2021, 2022, 2023 і 2024-м. Галасаванне адкрытае, кожны з нас можа прапанаваць уласныя варыянты. У 2025-м з прыкметным адрывам перамог палітык і палітвязень Мікалай Статкевіч. Гэта чалавек, які працягнуў адстойваць свае прынцыпы ў сітуацыі, калі ад свабоды яго аддзялялі лічаныя метры. Журналісты і рэдактары «Люстэрка» тлумачаць, чаму зрабілі такі выбар.

Николай Статкевич приветствует собравшихся на пресс-конференции после освобождения из заключения. Минск, 28 августа 2015 года. Фото: Reuters
Мікалай Статкевіч вітае прысутных на прэс-канферэнцыі пасля вызвалення з-за кратаў. Мінск, 28 жніўня 2015 года. Фота: Reuters

Нагадаем, 11 верасня беларускія ўлады вызвалілі і выправадзілі з краіны 52 зняволеных. Мікалай Статкевіч стаў адзіным з гэтай групы, хто не перасёк мяжу Беларусі і Літвы. Нейкі час палітыка можна было бачыць на здымках з камер на мяжы, пасля яго ў невядомым кірунку звезлі людзі ў масках.

Цяпер Статкевіч працягвае адбываць пакаранне за кратамі, вынікае з афіцыйнага адказу МУС, які атрымала жонка палітыка Марына Адамовіч. Раней, у 2021 годзе, яго асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму за арганізацыю «масавых беспарадкаў».

 

«Выразна даў зразумець, што яго барацьба яшчэ не скончаная»

— Стаўленне да ўчынку Мікалая Статкевіча ў мяне неадназначнае, — прызнаецца журналістка Любоў (тут і далей імёны змененыя). — Гэта здзіўленне, захапленне і вялікі боль праз тое, што ён дзеля сваіх прынцыпаў рызыкуе свабодай і здароўем. Але акурат гэта і ёсць гераізм у яго спрадвечным разуменні — рабіць тое, што лічыш правільным, нават калі табе дзеля гэтага даводзіцца ахвяраваць сабой.

— Для мяне Мікалай Статкевіч стаў прыкладам таго, што нават, падавалася б, у безвыходных абставінах можна праявіць сваю волю і прынцыповую пазіцыю, паказаць як «людзьмі звацца», — кажа журналістка Міраслава. — Ён сядзеў на мяжы з Літвой, лічы, за 30 метраў ад свабоды. Думаю, была вялікая спакуса пераадолець гэтую адлегласць, каб скончыць пакуты. Улічваючы, што яму давялося перанесці за кратамі, падавалася, выбар быў відавочным і ніхто яго б за гэта не асудзіў. Але спадар Мікалай аддае перавагу сваім унутраным перакананням і здзяйсняе нечаканы для ўсіх учынак.

Памятаеце, як у «Ладдзі Роспачы» Караткевіча? «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на „спрадвечны“ закон».

Николай Статкевич на нейтральной полосе между Беларусью и Литвой. 11 сентября 2025 года. Снимок сделан в 17.31. Скриншот видеокамеры таможни в "Каменном Логе"
Мікалай Статкевіч на нейтральнай паласе паміж Беларуссю і Літвой. 11 верасня 2025 года. Здымак зроблены ў 17.31. Скрыншот відэакамеры мытні ў «Каменным Логу»

— Рэпрэсіўны апарат можа стварыць чалавеку жудасныя, катавальныя ўмовы: і інкамунікада, і «адзіночкі», і турэмны рэжым, — расказвае рэдактар Іван. — У розныя гады ён гэта перажыў. І калі з’явілася магчымасць ад усяго гэтага пазбавіцца, усё роўна вярнуўся. Давёўшы тым самым, што гэтыя людаедскія турэмныя начальнікі могуць як хочуць ствараць невыносныя ўмовы і знішчаць чалавека фізічна. Але ёсць рэчы, якія ім не пад сілу адабраць. Яны будуць з чалавекам заўсёды, незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца, што робіць. І чалавек сам вырашае, калі, дзе і на якім этапе заканчваецца яго барацьба. Тады, седзячы на мяжы, Статкевіч ясна даў зразумець, што ягоная яшчэ не скончаная.

— Сваім учынкам ён падняў дыскусію пра гвалтоўнае выправаджэнне людзей з краіны, нагадаў нам, што страчваюць людзі, застаючыся ў палоне рэжыму Лукашэнкі, і падняў шмат іншых пытанняў, як мінімум для мяне, — прызнаецца журналістка Любоў. — А яшчэ ён зрабіў менавіта тое, што хацелі б зрабіць многія беларусы, якія з’ехалі. Але мы не адважыліся. А ён — так, як некалі і Марыя Калеснікава. Яны паказалі, як быць адважнымі і нязломнымі, заплаціўшы за гэта вялікую цану.

«Ён той чалавек, якім я б хацела быць»

— Я б не змагла зрабіць тое, што Статкевіч, бо свабода для мяне — найвышэйшая каштоўнасць, — працягвае Любоў. — Але тут мы ўпіраемся ў філасофскую сутнасць учынку: для Мікалая свабода, як відаць, — таксама найвышэйшая каштоўнасць, але ён гэта ўспрымае на больш глыбокім узроўні. Ён змог быць свабодным нават у кайданках. І нагадаў нам усім пра тую самую цану і каштоўнасць свабоды.

— Многія пашкадавалі аб тым, што ён зрабіў. І я спачатку таксама. Разважала, што пакуты Статкевіча працягнуцца, а ўлады будуць з яго здзекавацца з большай сілай. Думаю, ува мне гаварыла маладушша і ў некаторай ступені зайздрасць. Бо я так не змагла, — прызнаецца Міраслава. — Мне таксама хацелася застацца ў Беларусі да канца. У размовах з сябрамі ў 2020-м я стаяла на пазіцыі, што нікуды не паеду са сваёй зямлі, бо тут пакаленнямі жылі мае продкі, і не Лукашэнку ці яшчэ камусьці вырашаць, дзе мне жыць. Але мае прынцыпы не вытрымалі ціску сілавікоў — я з’ехала. Апраўданняў гэтаму знаходзіла шмат: і страх за родных і сябе, і думка, што за кратамі не буду карыснай, і шмат яшчэ чаго. Але глыбока ўнутры я адчуваю боль за маладушша. Мікалай Статкевіч, у адрозненне ад мяне, змог застацца са сваімі прынцыпамі, адстаяць тое, у што верыць. І таму ён для мяне герой. Той чалавек, якім я б хацела быць.

Николай Статкевич беседует с людьми о предстоящих президентских выборах. Минск, 23 сентября 2015 года. Фото: Reuters
Мікалай Статкевіч гаворыць з людзьмі пра блізкія прэзідэнцкія выбары. Мінск, 23 верасня 2015 года. Фота: Reuters

Учынак Статкевіча, зыходзячы з маіх асабістых уяўленняў пра свет, абсалютна выбітны, — адзначае рэдактарка Яўгенія. — Яго можна растлумачыць рацыянальна — што ўжо даўно зрабілі аналітыкі. Але мяне захапляе тут паслядоўнасць, неадступнасць і нават у нейкай меры неўтаймаваная ўпартасць у моманце, калі, здавалася б, ужо хто заўгодна склаў бы рукі, здаўся і сказаў: «Ды пайшло яно ўсё».

— Мне здаецца, што пакаленне 1990-х — 2000-х, якое глядзела галівудскія фільмы, у тым ліку «Матрыцу», часта лавіла сябе на думцы: якую б яны выбралі пігулку, калі б ім Марфеус прапанаваў? — разважае Іван. — Ляжаць падключаным да правадоў і сілкаваць машыны, але ментальна знаходзіцца ў камфортным, прыгожым свеце, які ўладкаваны так, як ты яго сабе ўяўляеш? Альбо пазбавіцца ўсіх гэтых салодкіх кайданоў і перайсці ў рэжым выжывання, каб змагацца за свае ідэалы і адстойваць інтарэсы — свае і блізкіх?

Мне здаецца, што Статкевіч, вядома, зрабіў бы выбар на карысць другога. Вельмі мала людзей адважыліся б на гэта. Мяне радуе, што ў Беларусі ёсць дастаткова прыкладаў: не толькі Статкевіч, тая самая Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка і іншыя палітвязні, якія не зламаліся і перажываюць катавальныя ўмовы дзеля таго, у што вераць.

«Выразна ўсведамляў, што садзіцца надоўга»

— Я не хачу параўноўваць, гэта заўсёды несумленна, але падабенства сімвалічных жэстаў нібыта да гэтага падштурхоўвае, — мяркуе Яўгенія. — Калі Марыя Калеснікава парвала пашпарт у пачатку верасня 2020 года, народ быў на ўздыме: людзі клаліся спаць з адчуваннем пераменаў і прачыналіся з думкамі, што сёння мы зробім нешта, каб яны здарыліся. Відаць, парваць пашпарт і тады прыйшло б у галаву не кожнаму, але, думаю, у той час на такі ўчынак былі б гатовыя многія. Але зрабіць, па сутнасці, тое самае ў 2025-м — гэта як пайсці тушыць пажар без уніформы, як скокнуць у ваду, дзе — ты дакладна ведаеш — на дне востры і небяспечны рыф. І што ў моманце пра такі ўчынак большасць, хутчэй за ўсё, скажа «вар'ят», а не «герой!». Шчыра, я была з першых. Зрабіла б гэтак жа? Не. Ці падзяляю я палітычныя погляды Статкевіча? Не ўпэўненая. Але ці паважаю яго за тое, што ён так зрабіў? Бясконца.

— Мікалай змяніў гульню — адважыўся адмовіцца ад ужо, па сутнасці, атрыманай свабоды і зноў адправіцца за краты дзеля сваіх перакананняў. А таксама каб паламаць сцэнар уладаў. Пры гэтым калі ў 2020-м яшчэ можна было спадзявацца на хуткія перамены, то цяпер ён ужо выразна ўсведамляў, што садзіцца надоўга, — дапаўняе рэдактарка Марыя.

Демонстрант держит плакат с изображением Николая Статкевича во время протеста перед посольством Беларуси. Варшава, 21 ноября 2021. Фото: ZUMA Press Wire / Reuters
Дэманстрант трымае плакат з выявай Мікалая Статкевіча падчас пратэсту перад амбасадай Беларусі. Варшава, 21 лістапада 2021. Фота: ZUMA Press Wire / Reuters

— Гэта нібыта само па сабе было зразумела, — разважае журналіст Віктар. — Нягледзячы на тое, што ўчынак Статкевіча пазбаўлены ўсялякага сэнсу з пазіцыі так званага здаровага сэнсу (а мы жывём у час, калі гэтае паняцце становіцца ўсё больш эфемерным). Але з пункту гледжання эмацыйна-чалавечага гэта гераічны ўчынак. І як бы там ні было — вельмі паслядоўны для яго. Ён ахвяраваў, лічы, усім, каб змагацца за сапраўдную незалежнасць Беларусі: спачатку — навуковай і вайсковай кар’ерай, а цяпер — і магчымасцю быць па-за турэмнымі мурамі. І таму Лукашэнка, на маю думку, яго так баіцца. Мікалай Статкевіч у цяперашніх умовах — сімвал і сам гэта, мне здаецца, усведамляе. Таму для яго нібыта не было іншага шляху. Эх, калі б кожны з нас — агулам у жыцці — быў хоць трошкі Статкевічам…

«Варта назваць і „Гераіню года“»

— І, вядома, было б не зусім правільна гаварыць толькі пра Мікалая Статкевіча. Я б яшчэ хацела сказаць, што разам з ім усё ж варта назваць і «Гераіню года» — Марыну Адамовіч, — адзначае Яўгенія. — Захапляе яе прынцыповасць і гатоўнасць ахвяраваць сваім спакойным, камфортным жыццём дзеля ідэалаў мужа. Не толькі ягоных, вядома, але ён іх ўвасабляе.

— З цяжкасцямі сутыкаецца не толькі чалавек, які непасрэдна знаходзіцца ў турме. Але і яшчэ ўсё яго найбліжэйшае атачэнне, — лічыць Іван. — Гэта людзі, якія яму збіраюць пасылкі, аплачваюць адвакатаў, ездзяць на сустрэчы, калі іх дазваляюць, спрабуюць стэлефанавацца. То-бок гэта заўсёды нашмат больш, чым адзін чалавек. Таму тут, безумоўна, пайшлі на ахвяру як Статкевіч, так і Адамовіч.

Марина Адамович и Николай Статкевич. Фото: личная страница Адамович в Facebook
Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч. Фота: асабістая старонка Адамовіч у Facebook

— Так я б не змагла, — прызнаецца Яўгенія. — А запамінаецца і ўражвае ў людзях, мабыць, акурат менавіта гэта. Тое, што яны робяць тое, што табе не пад сілу.

— Мне здаецца, фігура Статкевіча мусіць аб’ядноўваць беларусаў незалежна ад таго, на якім канцы палітычнага спектру чалавек знаходзіцца, — лічыць Іван. — Таму што ён змагаецца не супраць Лукашэнкі, а за тую Беларусь, якую лічыць найлепшай версіяй нашай краіны. Што важна.

На маю думку, незалежна ад таго, хто знаходзіцца на верхавіне ўлады, калі б Мікалай лічыў, што гэты чалавек дзейнічае не ў інтарэсах Беларусі і народа, ён рабіў бы дакладна тое самае. Таму, безумоўна, постаць Статкевіча і яго жонкі Марыны Адамовіч захапляе. Спадзяюся, што ў Новай Беларусі з’явяцца вуліцы з іх імёнамі і я змагу па іх прагуляцца.

Чытайце таксама